II Еўрапейскія гульні ў Мінску

З 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску пройдуць II Еўрапейскія гульні. У найбуйнейшым мультыспартыўным форуме прымуць удзел больш за 4000 спартсменаў з 50 краін, якія разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах).

Ва ўрачыстых мерапрыемствах і спаборніцтвах Еўрапейскіх гульняў 2019 года будуць задзейнічаны: спарткомплекс «Мінск-Арэна», стадыён «Дынама», спарткомплекс «Чыжоўка-Арэна», «Палац спорту» і іншыя спартыўныя пляцоўкі.

Афіцыйны дэвіз Еўрапейскіх гульняў 2019 года – Bright Year, Bright You («Яскравы год, яскравы ты»). У рускай версіі таксама выкарыстоўваецца дэвіз «Время ярких побед», а ў беларускай – «Час яскравых перамог».

Ідэя стварэння лагатыпа II Еўрапейскіх гульняў звязана з лозунгам «Ідзі за марай». У яго вобразе ўвасобілася легенда пра пошук у летнюю ноч папараць-кветкі, які сімвалізуе ажыццяўленне самых патаемных жаданняў. Для ўдзельнікаў гульняў 2019 года ісці за сваёй марай – значыць ісці да перамогі, да запаветнай узнагароды насуперак цяжкасцям.

Талісманам II Еўрапейскіх гульняў стала лісяня Лесік.

Поўная інфармацыя аб правядзенні спартыўнага форуму размешчана на афіцыйным сайце «II Еўрапейскія гульні. Мінск, 21-30 чэрвеня 2019 года».