Вызначаны юныя даследчыкі Мінскай вобласці

У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся фінал конкурсу «Я - даследчык». У дзясяты, юбілейны, раз сталічны рэгіён стаў пляцоўкай для прэзентацыі даследчай дзейнасці дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.

Адкрыты фестываль праводзіўся ў два этапы: першы - раённы (гарадскі), другі - абласны ў форме завочнага адбору работ. Для ўдзелу ў абласным этапе маленькія «вучоныя» Міншчыны прадставілі 169 работ. Старанні дзяцей ацэньвалі прафесары, дактары і кандыдаты навук з Нацыянальнага інстытута адукацыі, БДУ, БДПУ імя М. Танка, спецыялісты абласнога інстытута развіцця адукацыі.

У фінале конкурсу выступілі 41 дашкольнік і 45 малодшых школьнікаў. У Год малой радзімы даследчыкі дашкольнага ўзросту вывучалі культуру, традыцыі роднага горада і вёскі, спасцігалі таямніцы беларускага арнаменту, шукалі зашыфраваныя пасланні продкаў.

Удзельнікі вочнага этапу фестывалю атрымалі медалі і памятныя прызы ад спонсараў, а пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі.

Партнёрамі фестывалю выступілі: выдавецтва «Аверсэв», прыватнае прадпрыемства «Коллекция приключений», студыя інавацыйнага творчага развіцця і навучання «С.И.Т.Р.О.», ТАА «Фаердорс», «Музей навукі "Элемента"», ЗАТ «Кабинкап», УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка», цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага і Бярэзінскага раёнаў.

Падрабязная інфармацыя пра фестываль па спасылцы.